"Няхай ніколі не парвецца стагоддзяў повязь…”
Археолага-этнаграфічныя помнікі Смаргоншчыны

Археолага-этнаграфічныя помнікі Смаргоншчыны
Мілы край мой,
Смаргоншчына-маці!
Дзе высокія сосны бароў,
Дзе ляжаць дываны-сенажаці
І бясконцае мора палёў.
Дзе харошыя, слаўныя людзі
Сустракаюць з усмешкай цябе,
Ты заходзь і гасцём у іх будзеш,
Будуць рады заўсёды табе.
Артур Цяжкі
Смаргоншчына – зямля нашых продкаў, якая мае старажытную гісторыю, багатую і разнастайную. Тут жывуць мужныя, таленавітыя людзі, якія праславілі нашу зямлю далёка за яе межамі. На яе тэрыторыі знаходзіцца 33 аб’екты, якія ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурнай спадчыны нашай рэспублікі.
Шэраг знаходак са Смаргонскага месцазнаходжання эпохі мезаліту размешчаны ў нашай экспазіцыі: рэшткі костак вымерлых жывёл, сярод якіх частка зуба маманта, вырабы з рогу, крамянёвыя вырабы, кераміка.



Смаргонскія землі ў XIII-XVIII стст.

Самым старажытным паселішчам на нашых землях з’яўляецца Крэва, якое ўпамінаецца ў нямецкіх хроніках 13 ст. як сталіца гістарычнай вобласці Нальшаны. Шмат таямніц гісторыі захоўваюць руіны Крэўскага замка, які будаваўся ў час праўлення вялікага князя літоўскага Гедыміна і яго сына Альгерда для абароны граніц княства ад крыжакоў.
У экспазіцыі знаходзяцца прадметы, знойдзенныя ў час раскопак Крэўскага гарадзішча, якое адносіцца да часоў Нальшанаў.




