Народны побыт Смаргоншчыны









Ўжо хата новая гатова,
Прыбраны трэскі ўжо і дровы;
Над белым дахам, як карова,
Красуе комінак чырвоны;
Прыветна вокны пазіраюць,
Бы вас у госці запрашаюць,_
Ну, добры выгляд хата мае,
Яна і цешыць, здавальняе.
Я.Колас. Новая зямля
Каштоўнай крыніцай па вывучэнню нашай спадчыны з’яўляюцца шматлікія этнаграфічныя экспанаты, якія мы прадстаўляем ў нашым этнаграфічным куточку. Яны даюць цудоўную магчымасць дакрануцца да багатай гісторыі Смаргоншчыны. У Смаргоні жылі і працавалі рамеснікі 24-х спецыяльнасцей. Іх вырабы і прылады працы з’яўляюцца экспанатамі. Самымі распаўсюджанымі заняткамі былі: гарбарства (апрацоўка скур), кавальства, бондарства, ганчарства, выраб мэблі, пашыў абутку і адзення. Калі мужчыны-рамеснікі, у асноўным, рабілі прылады працы і прадметы хатняга ўжытку, то жанчыны стараліся ўпрыгожыць дом, зрабіць яго ўтульным. Яны ткалі посцілкі і палавікі, вышывалі розныя дарожкі, падушкі, карціны. Усе прадметы гэтага куточка сабраны вучнямі гімназіі, іх бацькамі, настаўнікамі.
БАНДАРСТВА

Дзяжа (КП 326).
Бандарны выраб. Драўляная кадушка конусападобнай формы для прыгатавання цеста; зроблена з асобных дошчачак (бандарак,клёпак),змацаваных металічнымі абручамі.
Памеры: 27 см х 37 см х 32 см.
Перададзена 30.10.1998 Паршыным Барысам, вучнем школы.


Гарнец ( КП 320).
Бандарны выраб. Гарнец – адзінка вымярэння аб’ему сыпучых рэчываў (збожжа, крупы, мука…); аб’ём – 4 літры. Зроблены з асобных дашчэчак (клёпак, бандарак), змацаваных драўлянымі абадамі; у адну з клёпак умацавана ручка.
Ужываўся ў гаспадарцы в.Міхневічы Смаргонскага раёна, 1920-я гады.
Памеры: 23 см х 17 см х 13 см.
Перададзены 25.10.1998 Рогач Л.Н., настаўніцай гісторыі СШ №4.

Бойка, маслабойка (КП 1050).
Бандарны выраб для збівання масла; вузкая высокая кадачка з клёпак (бандарак) з накрыўкай, пасярэдзіне якой адтуліна для калатоўкі (біла); верхні канец біла выходзіў вонкі, да ніжняй – прымацавана крыж авіна (ударная частка).
Выкарыстоўвалася ў гаспадарцы в. Казяняты Смаргонского раёна, 1930 –я гады.
Памеры: 41 см х 20 см х 15 см.
Перададзена 17.09.2005 Рогач Л.М., загадчыцай музея гімназіі.


