Археолага-этнаграфічныя помнікі Смаргоншчыны
Археолага-этнаграфічныя помнікі Смаргоншчыны
Мілы край мой,
Смаргоншчына-маці!
Дзе высокія сосны бароў,
Дзе ляжаць дываны-сенажаці
І бясконцае мора палёў.
Дзе харошыя, слаўныя людзі
Сустракаюць з усмешкай цябе,
Ты заходзь і гасцём у іх будзеш,
Будуць рады заўсёды табе.
Артур Цяжкі
Смаргоншчына – зямля нашых продкаў, якая мае старажытную гісторыю, багатую і разнастайную. Тут жывуць мужныя, таленавітыя людзі, якія праславілі нашу зямлю далёка за яе межамі. На яе тэрыторыі знаходзіцца 33 аб’екты, якія ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурнай спадчыны нашай рэспублікі.
Шэраг знаходак са Смаргонскага месцазнаходжання эпохі мезаліту размешчаны ў нашай экспазіцыі: рэшткі костак вымерлых жывёл, сярод якіх частка зуба маманта, вырабы з рогу, крамянёвыя вырабы, кераміка.
Адным з найбольш багатых на тэрыторыі Беларусі па колькасці адшуканых рэштак і відаў выкапнёвых млекакормячых жывёл з’яўляецца Смаргонскае месцазнаходжанне. Зараз у Інстытуце геахіміі і геафізікі АН Беларусі захоўваецца амаль 7000 костак, знойдзеных тут, паводле якіх вызначаны 23 віды выкапнёвых млекакормячых (мамант, пячорны леў, сайгак, валасаты насарог, этрускі насарог, пячорны мядзведзь, хазарскі конь, конь Стэнана, бізон, велікарогі алень, паўночны алень, аўцабык...).
Выключную каштоўнасць маюць прылады працы з рагоў і костак жывёл, крэмневыя прылады працы, якія адшуканы на гэтым месцазнаходжанні.
На думку вядомага палеантолага Пятруся Каліноўскага, утварэнне багатага Смаргонскага месцазнаходжання выкапнёвых млекакормячых, верагодней за ўсё, звязана з паляўнічай дзейнасцю чалавека, які быў насельнікам левабярэжжа Віліі ў гэтым раёне на працягу многіх тысячагоддзяў.
Гэтыя экспанаты трапілі ў музей пасля будаўніцтва Смаргонскага камбіната сілікатабетонных вырабаў, для працы якога вядзецца здабыча жвіру і пяску з берагоў і дна ракі Віліі.
Частка зуба маманта са Смаргонскага месцазнаходжання выкапнёвых жывёл (КП 6).
Перададзена 15.11.1996 Бумаём А.М., мясцовым краязнаўцам.
.
Рэшткі касцяных і крэмневых прылад працы са Смаргонскага месцазнаходжання выкапнёвых жывёл (КП 9, КП 9(1,2,3,4,5).
КП 9 – сякера з рогу з прасвідраванай адтулінай, з раздвоенным лязом;
даўжыня – 27 см.
КП 9 (1,2,3,4,5) – рэшткі крэмневых прылад працы.
Перададзены 26.11.1996 вучаніцай Карлоўскай Соф’яй.
Крэмневая сякера, знойдзена ў лесе, каля вёскі Солы Смаргонскага раёна.
Перададзена 09.10.2004 настаўніцай гімназіі А.А.Бабойць.
Фрагменты костак выкапнёвых млекакормячых жывёл са Смаргонскага месцазнаходжання (КП 1072).
Перададзены 19.11.2005 вучнем гімназіі Жалевічам Яўгенам.