Гісторыя аднаго экспаната
Балон для захоўвання хімічнай зброі
Імклівым разбуральным ураганам прайшлася па Смаргоншчыне Першая сусветная вайна. Цяжкія выпрабаванні выпалі на долю рускіх войск і мясцовага насельніцтва ў яе часы. Адным з такіх выпрабаванняў былі газавыя атакі. Хаця ўжо была забарона прымянення ў ходзе ваенных дзеянняў удушлівых і іншых шкодных хімічных рэчываў Гаагскай дэкларацыяй 1899-га года, аднак немцы парушылі гэтую дэкларацыю.
У ходзе баявых дзеянняў на Смаргоншчыне хімічная зброя ўпершыню была прыменена 19 чэрвеня 1916 года. Газ пранік на 20 км у напрамку чыгункі на Маладзечна і нанёс вялікі ўрон рускім войскам. Пакутнай смерцю ад атрутнага газу памерла 40 афіцэраў і 2076 салдат рускай арміі. Цяжка чытаць успаміны Аляксандры Талстой, якая заведвала вайсковым шпіталем у Залессі, аб пакутах салдат ад прымянення хімічных рэчываў.Меры засцярогі былі слабыя, працівагазы недасканалыя, таму ахвяры былі вялікія.
Для распаўсюджання газаў прымяняліся балоны; пад высокім ціскам з іх выпускалі газы, пры гэтым карысталіся спадарожным ветрам.
У нашай экспазіцыі знаходзіцца нямецкі газавы балон – хімічны балон маркі Е-30 - літара “Е” азначае ёмкасць. Ёмкасць да 30 фунтаў (гэта 12 кг) зжыжанага газу. Такія балоны выпускалі да вясны 1916 года, і было іх выпушчана 65 806 штук.
Балон знойдзены ў раёне вёскі Пераходы Смаргонскага раёна.
Перадаў яго ў 2002 годзе Прыхач Уладзімір Уладзіміравіч, наш настаўнік, які вельмі захапляецца краязнаўствам, асабліва падзеямі Першай сусветнай вайны.
Гэта сумная спадчына, але і гераічная ў той жа час. Гэта старонка гісторыі, якой ганарацца смаргонцы і якая выклікае цікавасць у гасцей
Дрот
Скрозь па дарогах, па палёх
На ўсход і на заход,
Як вокам кінуць на слупох
Заведзен доўгі дрот.
Ці дзень, ці вечар настаець,
Як арфа, як фагот,
Усё іграіць і пяець
Без перапынку дрот.
Ці свет засцелецца імглой
У час асенніх слот,
Вядзе размову сам з сабой,
Гудзець-іграець дрот.
Пад неба плыў пажара дым,
І людзі ішлі ў паход,
Вайна грымела, і аб тым
Гаворыць былі дрот.
Паціхлі стрэлы ўжо гармат,
Даўно змоўк кулямёт,
І над магіламі салдат
Ціхенька плача дрот.
Шмат асталося ў бядзе
Калекаў і сірот,
Аб гэтым гутарку вядзе
Па белым свеце дрот.
Гэты верш напісаў наш зямляк, ураджэнец вёскі Данюшава, удзельнік Першай сусветнай вайны, Станіслаў Шыманоўскі. Першая сусветная вайна прайшлася па Смаргоні імклівым разбуральным ураганам. Яе знакавым сімвалам для Смаргоні і сёння з’яўляецца калючы дрот.
Калючым дротам была абазначана лінія фронту, якая цягнулася па тэрыторыі баявых дзеянняў амаль 400 кіламетраў. Менавіта пад Смаргонню было спынена наступленне германскіх войскаў аж на 810 дзён. Лінія фронту падзяліла Смаргоншчыну…
Калючыя загароджанні цягнуліся па палях, узгорках, праз лясы, абазначаючы армейскія пазіцыі і робячы іх непрыступнымі. На ваенных фотаздымках таго часу ён усюды, дзе знаходзяцца салдаты. Загароджанні з калючага дроту былі і на вуліцах Смаргоні. Калючы дрот выкарыстоўваўся як немецкімі, так і рускімі войскамі.
Гэтыя астаткі калючага дроту знойдзены вучнямі гімназіі каля вёскі Бярозаўка ў 2012 годзе. Тут праходзіла лінія фронту, і да нашага часу аб гэтым напамінаюць доты, бліндажы, рэшткі акопаў. Часткай умацаванняў быў і калючы дрот.
Гэта сумная спадчына, але і гераічная ў той жа час. Гэта старонка гісторыі, якой ганарацца смаргонцы і якая выклікае цікавасць у гасцей
Зборнік “Інвентары магнацкіх уладанняў Беларусі XVII - XVIII ст.ст. Уладанне Смаргонь”
Калі вы хочаце даведацца, як выглядала наша Смаргонь ранней, чым займаліся яе жыхары і, нават якія былі ў іх прозвішчы, вазьміце ў рукі вось гэту кнігу - “Інвентары магнацкіх уладанняў Беларусі XVII - XVIII ст.ст. Уладанне Смаргонь”.
Цікава, а што такое “Інвентар”? Слова інвентары – ад лацінскага “inventarium” – вопіс, і гэта апісанні феадальных уладанняў у Беларусі, Украіне, Літве, Польшчы, Венгрыі ў XVI - першай палове ХІХ стагоддзяў. Яны былі абавязковымі ў Расійскай імперыі, як спроба рэгуляваць адносіны паміж памешчыкамі іі сялянамі.
У дадзены зборнік уключаны 9 інвентароў уладання Смаргонь за XVII -XVIII стагоддзі, якія маюцца ў розных архівах.. Звычайна інвентары складаліся ў 2-х экзэмплярах з подпісамі (пры куплі-продажы, пры пераданні ўладання ў часовае карыстанне). Некаторыя інвентары складаліся для ўласных патрэб уладальніка. У зборніку мы знаходзім прыклады і першых, і другіх. Дакументы па Смаргоні былі напісаны на польскай мове. 7 інвентараў маюць дакладную дату. Першы датуецца 17 кастрычніка 1601 года, калі ўладанне належыла Хрыстафору Зяновічу. Два наступныя – 1621 і 1622-га года. У гэты час уладанне належыла жонцы Хрыстафора – Фядоры Зяновіч. Інвентар 1672-га года падпісаны ўжо другім гаспадаром – Міхаілам Казімірам Радзівілам. Смаргонь стала іх уладаннем, пасля таго, як у 1628 годзе Ганна Соф’я Зяновіч вышла замуж за Альбрыхта Уладзіслава Радзівіла. І наступныя Інвентары 18 стагоддзя складзены Радзівіламі.
У Інвентарах мы знаходзім вельмі падрабязнае апісанне панскага двара і фальваркаў з маёмасцю; спіскі жыхароў вёсак і мястэчак з указаннем іх зямельных надзелаў, складу сям’і, а таксама пералік феадальных павіннасцей асобных груп насельніцтва.
Тут можна знайсці каштоўныя звесткі аб архітэктуры жылых дамоў, прамысловых прадпрыемствах і абсталяванні, прадуктах харчавання. Іменна з Інвентароў мы даведаліся, што ў Смаргоні пражывалі рамеснікі 23-х спецыяльнасцей. А як цікава ў Інвентарах знаёміцца з прозвішчамі жыхароў тагу часу з надзеяй адшукаць сваё!
Зборнік Інвентароў перадала ў 1996 годзе Муская Таісія Канстанцінаўна, першы загадчык нашага музея.
Сумка камандзіра партызанскага атрада імя Фрунзе партызанскай брыгады імя Будзённага М.М.Міхайлюка (палетка)
Сёння, нягледзечы на развіццё тэхналогій, афіцэру не абысціся без палявой сумкі, якую часта называюць проста “планшэт”. Як і раней, яна з’яўляецца ў палявых умовах і сейфам для дакументаў, і пісьмовым сталом. Да гэтага часу сумка шырока распаўсюджана ў арміях многіх краін. Галоўнае яе прызначэнне – захаванне і аператыўнае выкарыстанне карт і дакументаў.
Экспанат пад №1313 у нашым музеі - гэта сумка камандзіра партызанскага атрада імя Фрунзе партызанскай брыгады імя Будзённага Мікалая Мікалаевіча Міхайлюка.
Але, калі быць дакладным, было два паняцці - афіцэрская палявая сумка і палетка. Палетка, як правіла, мела дзве створкі з цэлулоідных пласцін і мацерчатых пракладак. Яна прызначалася толькі для захавання карт і магла прымацоўвацца да палявой сумкі карабінам. Палявая сумка была больш аб’ёмная ( “гармонік” з трох складкаў), у ёй магло змясціцца больш прадметаў: компас, карандашы, сцірка, ножык, кніжка для запісаў, індывідуальны пакет і нават ручнік і мыла. Сумка Мікалая Мікалаевіча Міхайлюка - палетка.
Памер сумкі: 22 см на 18 см. Яна выраблена са скуры, мае два аддзяленні; да задняй сценкі палеткі прышыты дзве пятлі з палосак скуры, з дапамогай якіх палетку насілі на плячавой дзязе. Зашпільваецца на тры металічныя кнопкі.
Сумка была перададзена ў наш музей сынам камандзіра – Уладзімірам Мікалаевічам Міхайлюком у час апошняга яго прыезду ў 2014 годзе. Уладзімір Мікалаевіч расказаў, што яго бацька вельмі даражыў сумкай, захоўваў яе. Сумка падкрэслівала яго статус камандзіра.
Мікалай Мікалаевіч Міхайлюк, па ўспамінах былых партызанаў Смаргоншчыны, быў адным з самых вядомых і смелых камандзіраў. Атрад імя Фрунзе пад яго камандаваннем дзейнічаў на тэрыторыі Смаргоншчыны ў час Вялікай Айчыннай вайны. Байцы атрада пусцілі пад адхон 47 нямецкіх эшалонаў з салдатамі, зброяй і ваеннай тэхнікай, якія ішлі на фронт. Нездарма немцы за галаву Міхайлюка давалі 100 тысяч марак, 2 каровы, 2дзесяціны зямлі. 4 ліпеня 1944 года партызанскі атрад М.М.Міхайлюка ўдзельнічаў у вызваленні горада Смаргоні. Пасля вайны Мікалай Мікалаевіч жыў у Бранску і прыязджаў на Смаргоншчыну на сустрэчы партызан, быў ён неаднаразова і ў нашым музеі.
Атрыбуты святочнай лінейкі “Адкрыццё школы”
Школа – асаблівая старонка жыцця ў кнізе лёсу кожнага чалавека. На гэтай старонцы – і ўспаміны аб школьных сябрах і настаўніках, і незабыўныя ўражанні ад сустрэч з нязведаным, і хваляванне ў час конкурсаў, алімпіяд, спаборніцтваў… Гэта старонка сагравае цеплынёй сэрцы, да яе радкоў хочацца вяртацца.
Мая старонка ў гэтай кнізе яшчэ пішацца, і першыя яе радкі звязаны з гімназіяй. З асаблівым хваляваннем я заўсёды прадстаўляю экспазіцыю “І закрынічыла тут жыццё…”, прысвечаную гісторыі школы, якая напоўнена цікавымі падзеямі і лёсамі… А за 45 гадоў іх і не злічыць!..
У раздзеле экспазіцыі сабраны разнастайны матэрыял: і школьныя прадметы, і розныя дакументы, цікавыя фотаздымкі…
Мы заўсёды ўспамінаем Дзень нараджэння школы, калі глядзім на атрыбуты свята яе адкрыцця: школьны званок , сімвалічны ключ, чырвоную стужку, нажніцы.
У той суботні ранак 27 кастрычніка 1979 года начальнік будаўніцтва Яўген Цімафееў уручыў дырэктару школы Барысу Мііхайлавічу Хіневічу сімвалічны ключ ад школы. Гэты ключ спецыяльна быў зроблены рабочымі Смаргонскага завода аптычнага станкабудавання – нашымі шэфамі. Барыс Міхайлавіч прыняў яго з радасцю і хваляваннем: школу чакалі ўжо даўно! Гэты ўрачысты момант захавалі фотаздымкі і ўспаміны ўсіх, хто прыйшоў на свята. Ключ, як рэліквію, Барыс Міхайлавіч захоўваў у сейфе, а потым перадаў у музей.
І сёння гэты ключ з’яўляецца сімвалам сувязі розных пакаленняў вучняў, настаўнікаў і бацькоў нашай установы адукацыі.
Святкуе сёння кожны клас,
Увесь школьны люд вясёлы.
І ўсклікае кожны з нас:
“З днём нараджэння,школа!”
Тут можам веды набываць,
Сталеем, разумнеем.
І “дзякуй” хочацца сказаць
За ўсё, што мы ўмеем!
Гарнец
“О! Які вялікі кубак!” - такімі словамі звычайна наведвальнікі музея апярэджваюць расказ экскурсавода аб вырабах бондараў.
Што гэта за “ кубак”? Што з яго пілі? Аказваеццв, нічога з яго не пілі. Прадстаўляем вам гарнец. Назва паходзіць ад назвы глінянага гаршка для вымярэння аб’ёму піва і збожжа ў Вялікім Княстве Літоўскім і Рэчы Паспалітай.
Уставам мер вагі сеймам 1764 года гэта мера ўстанаўлівалася як абавязковая для гандляроў, каб пазбегнуць блытаніны, таму што ў розных мясцовасцях карысталіся рознымі мерамі. А ў 1766-м годзе згодна пастанове сейма ВКЛ гарнец аб’яўляўся агульнай адзінкай вымярэння аб’ему сыпучых рэчываў і вадкасцей у сістэме мер Вялікага княства Літоўскага. Для рознічнага гандлю выкарыстоўваўся гарнец малы (шынковы) роўны больш за 2 літры, а , дакладней - 2,8237 літра. Гарнец вялікі (цэхавы) у два разы большы, а дакладней - 5, 6474 літра – ім карысталіся і рамеснікі, і гандляры. За карыстанне другімі мерамі гандляры маглі быць пакараны штрафам. Гарнец як адзінка вымярэння аб’ёму выкарыстоўваўся і ў Расійскай і дзяржаве, у ХІХ стагоддзі карысталіся гарнцам у 3,3 літра.
Наш гарнец зроблены бондарам з асобных драўляных дашчэчак (клёпак, бандарак), змацаваных драўлянымі абадамі. У адну з клёпак умацавана ручка. Вышыня гарнца 23 см, дыяметр дна - 17 см, верх звужаны да 13 см. Гарнец не мае ні аднага цвічка.
Гэты гарнец ужываўся ў гаспадарцы сям’і Рогач Ларысы з вёскі Міхневічы Смаргонскага раёна, якая і перадала яго ў музей. Ларыса Мікалаеўна расказвала, што яе бабуля заўсёды адмярала гарнцам муку, калі пякла хлеб.
Дзяжа
Аснову харчавання ў многіх беларускіх сем’ях складае хлеб. Хлеб таксама быў і ёсць неабходным атрыбутам звычаяў і абрадаў. Прыгатаванне хлеба ў нашых продкаў лічылася сакральным (свяшчэнным) дзействам. І да начыння, якім карысталіся для выпякання хлеба, таксама адносіліся з асобай пашанай, асабліва да дзяжы.
Дзяжа – гэта драўляная кадушка для заквашвання цеста (рашчыны) для хлеба. У кожнай гаспадыні была свая дзяжа, яе нельга было пазычаць – лічылася, што яна можа пакрыўдзіцца і не пячы добры хлеб. У доме для яе адводзілася пачэснае месца, вельмі часта ў “чырвоным” куце. Не дазвалялася ставіць дзяжу на зямлю. Заўсёды дзяжу накрывалі зверху. Цікава, што гаспадыня не мыла дзяжу, а ачышчала нажом, астаўляючы закваску (рашчыну) для наступнага разу, каб хлеб у доме ніколі не скончыўся.
Мылася дзяжа толькі адзін раз у год - на Вялікдзень. Бывала, што і гаспадыня крыўдзілася на дзяжу, калі хлеб не ўдаваўся, тады яе выстаўлялі на ноч за парог. Існавала павер’е, што дзяжу можна “паправіць”, пачысціўшы часнаком, цыбуляй, акурыўшы купальскімі зёлкамі.
Нашы продкі выкарыстоўвалі дзяжу ў многіх рытуалах і абрадах. Дзяжа надзялялася магіяй абярэга. Яна лічылася сімвалам багацця, дабрабыту і здароўя.
Пры ўваходзе ў новы дом дзяжу ўносілі першай і ставілі на пачэснае месца - у “чырвоны кут”.
Вельмі вядомы рытуал “саджання” нявесты на дзяжу. У гэтым выпадку дзяжу накрывалі кажухом.
У некаторых месцах дзяжу выкарыстоўвалі для лячэння хворых дзетак. Трэба было іх альбо накрыць дзяжой, альбо паставіць у яе.
Дзяжу заказвалі бондару.Часцей за ўсё дзяжу рабілі з дуба. Сярод беларусаў існавала павер’е, што дзяжа можа быць “мужчынскай”, калі ў яе няцотная колькасць клёпак — дошчак, з якіх яна зроблена – тады яна называецца “дзеж”, і “жаночай” — у якой колькасць клёпак цотная. Безумоўна, перавагу аддавалі “жаночай” дзяжы. Дзяжа павінна быць конусападобнай формы – зверху звужана, а вышыня яе роўная дыяметру крышкі (вечка). Памеры дзяжы залежылі ад колькасці членаў сям’і, таму што звычайна гаспадыня пякла хдеб адзін раз у тыдзень.
У нашым музеі таксама ёсць дзяжа. Яна зроблена з асобных дошчачак (бандарак, клёпак), змацаваных металічнымі абручамі. Гэта дзяжа доўга выкарыстоўвалася ў сям’і Паршыных, а ў 1998 годзе была перададзена ў наш музей.
Камсамольскі білет Аляксандра Сцяпанавіча Іванова
Адна з вуліц нашага горада носіць імя Аляксандра Сцяпанавіча Іванова. Жыхары Смаргоншчыны памятаюць пра яго. Не зарастае сцяжынка да яго магілы ў гарадскім парку. Піянерская дружына нашай гімназіі носіць яго імя. А хто такі - Аляксандр Сцяпанавіч Іваноў?
Краязнаўцы нашага музея на працягу доўгага часу збіралі матэрыял пра Адяксандра Іванова.
Аляксандр Сцяпанавіч Іваноў - былы супрацоўнік Смаргонскага аддзела Міністэрства дзяржаўнай бяспекі. Нарадзіўся ён у 1924 годзе на Віцебшчыне. У час Вялікай Айчыннай вайны знаходзіўся ў партызанскім атрадзе асобага прызначэння “Баявы”, які дзейнічаў і на тэрыторыі Смаргоншчыны. За ўзорнае выкананне спецзаданняў у тыле ворага малады партызан быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі і медалём “Партызану Вялікай Айчыннай вайны” I ступені.
Пасля вайны Аляксандр Іваноў быў назначаны оперўпаўнаважаным Смаргонскага раёна. І ў мірны час будні чэкістаў былі вельмі напружаныя - ім прыходзілася ўдзельнічаць у ліквідацыі банд на тэрыторыі раёна. У час чарговай аперацыі каля вёскі Войстам 3 жніўня 1950 года Аляксандр Іваноў загінуў. Смаргоншчына стала месцам апошняга прытулку адважнага чэкіста.
Сабраны матэрыял пра Аляксандра Сцяпанавіча Іванова размешчаны ў раздзеле экспазіцыі “Жыццё, якое абарвала куля”. Большасць матэрыялаў перададзена ў музей сям’ёй Аляксандра Сцяпанавіча: яго маці, братам, жонкай. Частымі былі сустрэчы краязнаўцаў з імі, а таксама з баявымі сябрамі і саслужыўцамі Аляксандра Іванова.
Сярод экспанатаў, перададзеных у музей, і камсамольскі білет чэкіста Іванова. Камсамольскі білет № 15662725, выдадзены 4 студзеня 1945 года Магілёўскім гаркамам ЛКСМБ: у гэты час Аляксандр Сцяпанавіч вучыўся ў школе Наркамата Дзяржаўнай Бяспекі БССР у Магілёве. У камсамол Аляксандр уступіў у верасні 1940 года. Звестак аб першым білеце ў нас няма.
Камсамольскі білет 1945-га года захаваўся добра. Вокладка білета шэрага колеру, 4 лісты змацаваны металічнымі скобамі, іржавымі ад часу;. На жаль, фотаздымка няма. Да ніжняй вокладкі прыклеены дадатковы ліст з адзнакай уплаты членскіх узносаў за 1946 і 1947 гады. Адзнак за папярэднія гады няма.
…Няспынна ідуць гады. Жывыя і загінуўшыя героі зрабілі для нас галоўнае – адстаялі свабоду і незалежнасць нашай Радзімы, і мы ў вечным даўгу перад імі.
Малюнкі “Вачыма салдата”
Пра гісторыю Вялікай Айчыннай вайны напісана нямала і, напэўна, будуць напісаны яшчэ многія кнігі, убачаць свет новыя мемуары, будуць знаходзіцца і даследавацца новыя дакументы. Але час сыходзіць, з ім сыходзіць і пакаленне, якое выйграла вялікую бітву, сыходзіць жывая памяць. Хутка ўсё, што адбылося ў тыя памятныя гады, застанецца толькі ў дакументах, мемуарах. Наш абавязак - выкарыстоўваць усе магчымасці, каб захаваць для гісторыі ўсё тое, што робіць больш поўнымі і больш яркімі не толькі гісторыю самой вайны, але і гістарычны партрэт пакалення пераможцаў.
Вось такі гістарычны партрэт вызваліцеляў горада Смаргоні ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў 4-га ліпеня 1944 года захаваў для гісторыі і для нас Павел Іванавіч Сергіенка.
Павел Іванавіч Сергіенка – камандзір адзялення аўтаматчыкаў, гвардыі старшы сержант у складзе 3-га Гвардзейскага Сталінградскага механізаванага корпуса ўдзельнічаў у баях за вызваленне Беларусі і нашай Смаргоні.
Спаленыя вёскі і разбураныя гарады, варонкі ад бомб і снарадаў, брацкія магілы - усё гэта засталося ў памяці цяжкімі і горкімі ўспамінамі. Гэтыя ўспаміны Павел Сергіенка перадаў праз свае кнігі і малюнкі.
У нашым музеі захоўваецца аўтарскі альбом Паўла Іванавіча Сергіенка “Вачыма салдата”. У ім знаходзяцца восем малюнкаў, кожны памерам 28 см на 40,5 см. Малюнкі выкананы алоўкам на ватмане. Яны адлюстроўваюць моманты баявых дзеянняў у час вызвалення горада Смаргоні. Хоць малюнкі і пажаўцелі ад часу, але , гледзячы на іх, адчуваеш напружанне наступлення, прадстаўляеш яго ўдзельнікаў – слаўных гвардзейцаў-танкістаў.
Альбом перададзены ў наш музей у 1997 годзе Саветам ветэранаў 3-га Гвардзейскага Сталінградскага механізаванага корпуса.
…Няспынна ідуць гады. Жывыя і загінуўшыя героі зрабілі для нас галоўнае – адстаялі свабоду і незалежнасць нашай Радзімы, і мы ў вечным даўгу перад імі.